Навiны

Завяршыўся прыём заявак на ўдзел у кінафестывалі «Лістапад»

Завяршыўся прыём заявак на ўдзел у кінафестывалі «Лістапад»
06.10.2021
Крыху больш за месяц застаецца да галоўнай кінападзеi беларускай восені, аднак ужо зараз свой гучны дэвіз “Кіно – сімфонія адзінства” ХХVII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” цалкам апраўдвае.
Першага кастрычніка быў завершаны прыём заявак. Сёлета было зарэгістравана больш за 300 заявак з 54 краін, сярод якіх краіны СНД і найшырэйшая геаграфія замежных кінавытворцаў: Куба, Венесуэла, Філіпіны, Інданэзія, Уругвай, Балгарыя, Японія, Партугалія, Канада, Кітай, Індыя, Ліван і іншыя.
Найбольшую цікавасць у рэжысёраў і прадстаўнікоў кінакампаній выклікаў конкурс моладзевага кіно “Кіно маладых”, які прадугледжвае ўдзел фільмаў разнастайных жанраў ад маладых аўтараў.
На конкурсы гульнявога, дакументальнага кіно і конкурс фільмаў для дзяцей “Лістападзік” паступілі заяўкі як ад традыцыйных краін-партнёраў фестывалю, так і ад новых сяброў, што пацвярджае пашырэнне геаграфіі фестывалю. У праграмах конкурсаў возьмуць удзел фільмы, якiя ўжо атрымалі прызнанне на міжнародных кінафестывалях, а таксама адбудзецца цэлы шэраг прэм’ерных паказаў.
Фарміраванне конкурсных праграм і прагляды карцін будуць ісці да канца кастрычніка, пасля чаго дырэкцыя кінафестывалю прыме канчатковае рашэнне аб фільмах, якія ўдзельнічаюць у конкурсных праграмах.


← Назад да спісу навін