Навiны

Адна з рэтраспектыўных праграм «Лістапада» будзе прысвечана 85-годдзю Віктара Турава

Адна з рэтраспектыўных праграм «Лістапада» будзе прысвечана 85-годдзю Віктара Турава
11.10.2021
Народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Віктар Цімафеевіч Тураў нарадзіўся 25 кастрычніка 1936 года ў Магілёве. Свой шлях у мастацтва ён пачаў на кінастудыі “Беларусьфільм”, куды прыйшоў у 1959 годзе. Сваю першую карціну “Наш Салігорск” Віктар Тураў стварыў у жанры дакументальнага кіно. Пался пачаў працаваць над ваеннымі стужкамі. Першым фiльмам на гэтую тэму стала “Зорка на спражцы” (1962 г.).
Міжнароднае прызнанне Віктар Тураў атрымаў пасля стварэння поўнаметражнага мастацкага фільма “Праз могілкі” паводле аповесці Паўла Ніліна. Гэтую стужку з аўтабiяграфiчнымi ноткамі сустрэлi як новую з’яву ў кінематографе. Яна адрознівалася цалкам новым для свайго часу поглядам на тэму партызанскага руху і акупацыі. Рэжысёр засяродзіў увагу гледачоў не на перамогах партызан, а на перажываннях людзей, якія вымушана апынуліся ў акупацыі. Па рашэнні ЮНЕСКА ў 1994 годзе фільм “Праз могілкі” ўвайшоў у лік 100 лепшых сусветных фільмаў пра вайну.
У 1995 годзе Тураў быў уключаны ЮНЕСКА ў лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы Камітэт па святкаванні 100-годдзя кінематаграфіі.
23 лістапада 2021 года ў межах кінафестывалю “Лістапад” у “Доме кіно” запланаваны памятны вечар, прысвечаны 85-годдзю Віктара Турава. Збяруцца людзі, якія ведалі майстра, а таксама прыхільнікі яго таленту. Гледачы змогуць убачыць адну са знакавых карцін рэжысёра – фільм “Праз могілкі”. (па матэрыялах БЕЛТА)


← Назад да спісу навін