Навiны

20 лістапада пачнуцца першыя паказы «Лістападзіка»

20 лістапада пачнуцца першыя паказы «Лістападзіка»
20.10.2021
Цырымонія адкрыцця конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” пачнецца ў 12:00 і пройдзе па традыцыі ў кінатэатры “Піянер”. Маленькіх гасцей і іх бацькоў чакаюць тэатралізаваная музычна-танцавальная праграма, аніматары, роставыя лялькі, а таксама тэматычная фотазона, прысвечаная 50-годдзю беларускай анімацыі.
Адкрыюць праграму “Зоркі сёмага неба” – мультыплікацыйны мюзікл беларускага рэжысёра Алены Туравай. Да экранізацыі аднайменнай казкі Генадзя Давыдзькі яна прыступіла яшчэ ў 2017 годзе. Рэжысёр не толькі ўключыла ў стужку складаныя камп’ютарныя эфекты, але і выкарыстала музыку. Атрымаўся адзіны ў сваім родзе беларускі поўнаметражны мюзікл, маляваных герояў якога агучылі вядомыя айчынныя артысты. Мноства роляў агучыла і сама Алена Турава.
Фільм складаецца з пяці частак, у кожнай – па дзевяць музычных нумароў плюс інструментальныя пройгрышы. Музыку да “Зорак сёмага неба” напісаў кампазітар Леанід Шырын.
Яшчэ з цікавостак: за галоўнага героя, хлопчыка Сашу, спявае... Дзіяна Красуцкая. Дзяўчынка была ў ліку вучняў музычных школ, якіх прывялі на праслухоўванне. Талент і крыштальны галас Дзіяны адзначылі многія, у тым ліку рэжысёр карціны:
– Мы разумелі, што калі возьмем хлопчыка, то праз пару гадоў, пакуль робіцца мультфільм, у яго адбудзецца мутацыя голасу, і ён далей не зможа агучваць ролю. Таму спыніліся на Дзіяне, якая адразу праспявала вельмі чыста і шчыра. Потым яна кожны год прыходзіла на даагучку, і ў мінулым годзе мы яе ўжо не пазналi: прыйшла не дзяўчынка, а маладая дзяўчына. Ёй, дарэчы, таксама прыйшлося сур’ёзна папрацаваць над голасам і падладзiць яго пад тыя дзіцячыя інтанацыі, якія гучалі ў першых серыях праекта.
Знакаміты бард Анатоль Длускі ў вобразе Баюшкі, акцёр Зміцер Пусцільнік у ролях Страху і Зоркачота і спявак Тэа, які агучыў ката Мурмота. Такімі, распавядае Алена Турава, нашых артыстаў гледачы яшчэ не бачылі:
– Была задача набраць не толькі папулярных выканаўцаў, але і добрых акцёраў. Тых, якiм пад сілу пераўвасобіцца ў патрэбных нам персанажаў. Склалася суперкаманда, некаторыя артысты агучылі па тры-чатыры ролі, вельмі розныя. Тэа, дарэчы, настолькі ўвайшоў у вобраз Мурмота, што сёння я нават не прадстаўлю кагосьці іншага ў гэтай ролi.
Казачным феям свой голас падарыла спявачка і паэтка Вольга Рыжыкава. Плануецца, што разам з Тэа і Аленай Туравай яна прадставіць карціну ў “Піянеры”. Спецыяльнымі гасцямі цырымоніі адкрыцця таксама стануць запрошаныя рэжысёры з Расіі і Ірана.
Вынікі “Лістападзіка” падвядуць у “Піянеры” 23 лістапада.

← Назад да спісу навін