Навiны

5 праграм і 99 фільмаў з усяго свету: «Лістапад» аб'явіў праграму

5 праграм і 99 фільмаў з усяго свету: «Лістапад» аб'явіў праграму
03.11.2021
Новы "Лістапад" – новыя слоган, лагатып і візуальны вобраз. У гэтым годзе ММКФ будзе не толькі прывіваць густ да добрага кіно, але і гуртаваць людзей. Таму слоган дваццаць сёмага фестывалю: "Кіно - сімфонія адзінства".
- Сапраўднае мастацтва збліжае людзей, вучыць іх ствараць, адчуваць і любіць... Адсюль і галоўная мэта "Лістапада" - аб'яднаць самы шырокі спектр форм і жанраў кінамастацтва ў гарманічную сімфонію, - тлумачыць ідэю дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі.
Усяго дырэкцыя фестывалю атрымала 273 заяўкі з 54 краін. Сярод іх як даўнія сябры і кінапартнёры Беларусі (Расія, Украіна, Азербайджан, Грузія, Сербія), так і краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі. Дарэчы, найбольшую цікавасць у рэжысёраў і прадстаўнікоў кінакампаній выклікаў конкурс маладзёжнага кіно "Кіно маладых".
Ужо вядома, што ў асноўным конкурсе гульнявога кіно прымуць удзел 13 карцін. На адну стужку больш убачаць гледачы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзiк". Асноўны конкурс дакументальнага кіно будзе прапанаваны 17 фільмамі. На конкурс маладзёжнага кіно "Кіно маладых", у сваю чаргу, адабраны 23 карціны.
Шырокай атрымалася і пазаконкурсная праграма "Лістапада". У гэтым годзе яна будзе прысвечана 50-годдзю беларускай анімацыі і юбілею класіка айчыннага кіно Віктара Турава. Таксама плануюцца майстар-класы, творчыя сустрэчы і вялікі круглы стол па пытаннях кінематаграфіі.
Імёны членаў і старшынь журы асноўных конкурсаў ужо вядомы. Так, судзейскую калегію конкурсу ігравога кіно ўзначаліць вядомы расійскі рэжысёр, прадзюсер і сцэнарыст Рэнат Даўлецьяраў. Старшынёй конкурсу дакументальнага кіно стала дырэктарка тэлеканала "Беларусь 3" Наталля Марынава. Судзіць "Лістападзік" будуць члены журы пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Узбекістан Юсупа Разыкава, а за "Кіно маладых" адкажа журы на чале з рэжысёрам і прадзюсерам з Расіі Аляксеем Цяльновым.
Паказы конкурсных і пазаконкурсных фільмаў пройдуць у пяці кнатэатрах сталіцы: "Масква", "Беларусь", "Цэнтральны", "Піянер", "Дом кіно". Па словах дырэктара УП “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама Паўла Скалабана, кошт квіткоў будзе абсалютна даступны: ад 4 да 7 рублёў. Білеты паступяць у продаж 12 лістапада.
Цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю па традыцыі прыме кінатэатр "Масква".
Нам застаецца нагадаць, што XXVII кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 20 па 26 лістапада ў Мінску і рэгіёнах. Арганізатар галоўнай кінападзеі года - Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". Заснавальнікі форуму - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", а таксама Беларускі саюз кінематаграфістаў.










← Назад да спісу навін