Навiны

На «Лістападзе» пакажуць новы фільм Олівера Стоўна

На «Лістападзе» пакажуць новы фільм Олівера Стоўна
14.11.2021
Еўрапейская прэм'ера, заснаваная на інтэрв'ю амерыканскага рэжысёра Олівера Стоўна з першым прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, адбылася 20 кастрычніка 2021 года на Рымскім кінафестывалі. Мінскі міжнародны фестываль “Лістапад” стане трэцім форумам, гледачы якога ўбачаць карціну на вялікім экране. Спецыяльны паказ фільма пройдзе 24 лістапада ў сталічным кінатэатры “Масква”.
Дакументальны праект “Qazaq. Гісторыя залатога чалавека”, прысвечаны Нурсултану Назарбаеву, быў анансаваны знакамітым рэжысёрам, прадзюсерам і сцэнарыстам Оліверам Стоўнам летам 2021 года. Прэм'ера фільма адбылася 6 ліпеня ў дзень народзiнаў Нурсултана Назарбаева ў эфіры казахстанскага тэлеканала “Хабар”. На прэс-канферэнцыі ў Нур-Султане Олівер Стоўн асабіста прадставіў карціну разам з партнёрамі: рэжысёрам Ігарам Лапацёнкам і прадзюсерамі Ігарам Кобзевым і Верай Тамілавай.
Музыку да фільма напісаў вядомы італьянскі кампазітар і дырыжор Карла Сіліота. У запісе прынялі ўдзел музыканты сімфанічнага аркестра “Астана Опера” і выканаўцы фальклорнай музыкі з Казахстана. Дарэчы, зусім нядаўна музычная тэма з фільма “Qazaq. Гісторыя залатога чалавека” атрымала намінацыю “Лепшая музыка да фільма” на прэміi Hollywood Music In Media Award 2021.
Олівер Стоўн стаў не толькі выканаўчым прадзюсерам карціны, але і інтэрв'юерам. Першы прэзідэнт Казахстана падзяліўся з iм у тым ліку ўспамiнамi пра дзяцiнства, сталенне, распад Савецкага Саюза і першыя гады незалежнасці рэспублікі.
Паказ карцiны “Qazaq. Гісторыя залатога чалавека” ў Мінску на кінафестывалі “Лістапад” стаў магчымым дзякуючы падтрымцы пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь. Пасля Беларусі фільм будзе паказаны ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Узбекiстане, Францыi, Германii, Кiтае ды Японii. Таксама плануецца, што па заканчэнні сусветнага тура 8-серыйную версію карціны пакажуць на тэлеэкранах.
Даведацца больш пра фільм “Qazaq. Гісторыя залатога чалавека” можна на YouTube-канале Igokob Global і ў Instagram igokob.global.
Трэйлер фiльма: ГЛЯДЗЕЦЬ


← Назад да спісу навін